ЛЁГКІ БЕТО́Н,
від бетону, сярэдняя шчыльнасць якога ў сухім стане 500—1800 кг/м³. Атрымліваюць на цэментным і інш. відах вяжучых рэчываў і іх сумесяў (цэментна-вапнавым, сіліконавым, гіпсавым, палімерным).
У залежнасці ад запаўняльніка адрозніваюць аглапарытабетон, вермікулітабетон, керамзітабетон, перлітабетон, туфабетон, шлакабетон і інш. Малая шчыльнасць Л.б. дасягаецца таксама стварэннем штучнай порыстасці вяжучага цеста (ячэісты бетон), выключэннем з саставу бетону пяску (буйнапорысты бетон). Выкарыстоўваецца ў асн. у агараджальных канструкцыях будынкаў і збудаванняў. Асабліва лёгкія бетоны шчыльнасцю да 500 кг/м³ (ячэістыя — газабетон, пенабетон і некаторыя найб. лёгкія буйнапорыстыя) выкарыстоўваюць як цеплаізаляцыйны матэрыял.
І.І.Леановіч.
т. 9, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)